FANDOM


Энакін Скайуокер (англ. Anakin Skywalker) — здольны адчуваць Сілу чалавек, мужчына, які служыў Галактычнай Рэспубліцы як рыцар-джэдай, а пазней - Галактычнай Імперыі як лорд сітхаў Дарт Вейдэр. Лічылася, што дзіця быў зачаты Сілай. Маці Энакіна была рабыня Шмі Скайуокер, выносіла і нарадзіла яго на планеце Зьнешняга Кола Татуін. У юным узросце Скайуокера выявілі майстар-джэдай Квай-Гон Джын i рыцар-джэдай Обі-Ван Кенобі, якія вызвалілі яго з рабства і прадставілі хлопчыка Ордэну джэдаяў; Квай-Гон верыў, што Энакін з'яўляўся Выбраным з прароцтва джэдаяў, якому было наканавана знішчыць сітхаў і прынесці раўнавагу ў Сілу. У гады, папярэднія разбуральнаму галактычнаму канфлікту, вядомаму як Войны клонаў, Энакін быў вучнем Обі-Вана Кенобі. Пасля бітвы на Джэанозісе, якая паклала пачатак гэтага канфлікту, Скайуокер таемна ажаніўся на сенатары Падмэ Амідале. На раннім этапе вайны Вышэйшы Савет джэдаяў прызначыў Энакіну ўласнага падавана, Асоку Тано - адораную вучаніцу, якая, на вялікі жаль Скайуокера, у канчатковым выніку пакінула Ордэн.

На прыканцы вайны Скайуокер даведаўся, што стане бацькам, калі Амідала паведаміла, што цяжарная іх першым дзіцем. Але неўзабаве радасць змянілася смуткам, калі Энакін ўбачыў прывід смерці жонкі пад час родаў. Імкненне Энакіна зберагчы каханую ад гібелі прывяло яго на цёмны бок Сілы. Падмануты ў сваім імкненні захаваць жыццё жонкі і ненароджанага дзіцяці, Энакін здрадзіў джэдаям і пакляўся ў вернасці вучэнням свайго былога сябра і настаўніка - Вярхоўнага Канцлера Палпаціна (тайнага цёмнага лорда сітхаў Дарта Сідыюса), які паклаў канец вайне, знішчыўшы Ордэн джэдаяў і абвясціўшы сябе Галактычным Імператарам.

На Мустафары Скайуокер пайшоў супраць свайго былога настаўніка, Обі-Вана Кенобі, і ўласнай жонкі, палічыўшы, што яны аб'ядналіся супраць яго, у канчатковым выніку стаўшы прычынай смерці Падмэ, і ўступіў у сутычку з былым сябрам. Вынікам стала перамога Кенобі, у той час як Вейдэр пазбавіўся левай рукі і абедзвюх ног, а таксама атрымаў сур'ёзныя апёкі ад кантакту з лавай і быў пакінуты паміраць пасярод вулканічнага свету. Цёмны Лорд ацалеў і быў выратаваны Дартам Сідыюсам, які даставіў яго на Карусант, дзе аднавіў яго цела. Такім чынам, падтрымліваючы жыццё з дапамогай бранякасцюму з сістэмай жыццезабеспячэння, Вейдэр працягнуў служыць Сідыюсу як яго вучань і галоўны сілавік Імперыі. Таксама ён навучаў інквізітараў, якія палявалі на ацалелых джэдаяў і дастаўлялі ўсіх адчувальных да Сілы нованароджаных свайму майстру.

Па сканчэнні двух дзесяцігоддзяў з пераходу Вейдэра на цёмны бок, разрозненыя групы паўстанцаў, якія падняліся супраць тыраніі Імперыі, аб'ядналіся ў Альянс за аднаўленне Рэспублікі, які знішчыў «Зорку Смерці» - суперзброю, пабудаваную для ўмацавання ўлады Імператара над галактыкай, у прыватнасці, выключэнне Сената з іерархіі кіравання шматлікімі светамі Галактыкі. Будучы адзіным выжылым ў найвялікшай паразе Імперыі, Вейдэр апынуўся ў няміласці Імператара і выявіў, што з гэтага часу ён толькі адзін з прэтэндэнтаў на пасаду яго новага вучня. У той жа час ён высвятліў, што адчувальны да Сілы пілот, які знішчыў «Зорку Смерці», з'яўляўся яго родным сынам Люкам, якога Падме нарадзіла перад смерцю, а Обі-Ван затым схаваў на Татуіне ў агульнай з Энакінам радні - Оўэна і Бяру Ларс.

З гэтага часу ведаючы пра тое, што Імператар хлусіў яму, Вейдэр стараўся ўз'яднацца з сынам, каб разам захапіць уладу над Імперыяй. Але, калі ён раскрыўся Люку, той адмовіўся, бо быў не ў сілах прыняць праўду. Аднак падчас бітвы пры Эндары, калі Вейдэр і Скайуокер ўступілі ў сутычку на борце «Зоркі Смерці II», сыну, цяпер ужо рыцару-джэдаю новага пакалення, атрымалася звярнуць бацьку на Светлы бок. Гэта адбылося, калі Скайуокер-малодшы, адолеўшы бацьку, адмовіўся забіваць яго. І калі Сідыюс, у сваю чаргу, распачаў спробу дабіць выматанага дуэллю Люка пры дапамозе Маланак Сілы, Скайуокер-старэйшы адрокся ад Цёмнага боку і прынёс сябе ў ахвяру, каб знішчыць Імператара і яго цёмную Імперыю, тым самым выканаўшы прароцтва Абранага. Будучы смяротна параненым Маланкай Сілы, Энакін памірыўся з сынам і памёр, стаўшы адзіным з Сілай.

Перад смерцю Вейдэр даведаўся, што ў яго была родная дачка, Лея Аргана. Пасля яна выйшла замуж за кантрабандыста Хана Сола, ад якога нарадзіла сына, названага Бэнам ў гонар Обі-Вана Кенобі. Бэн быў апантаны сваім дзедам і таксама ўпаў на цёмны бок, прыняўшы імя Кайла Рэн, стаўшы магістрам Рыцараў Рэн і вучнем Сноўка - Вярхоўнага лідэра Першага ордэна, пераемніка Імперыі.

Біяграфія

Ранняе жыццё

Па агульнапрынятым перакананні Энакін Скайуокер быў зачаты мідыхларыянамі. Ён быў народжаны на пустэльнай планеце Татуін ў статусе раба, як і яго маці Шмі. Ранейшым гаспадаром яго сям'і была хат Гардулла, пакуль не прайграла яго адной з мясцовых гонак тайдарыанцу Уотта. На той момант хлопчыку, якога коратка называлі Эні, споўнілася тры гады. Ён працаваў чаляднікам у майстэрні свайго новага ўладальніка, размешчанай у паселішчы Мос-Эспа.

Энакін хутка навучаўся. У раннім узросце ён засвоіў навыкі пілатавання, а таксама рамонту і зборкі дроідаў. Ён сабраў пратакольнага андроіда C-3PO, адаптаванага пад спякоту і пясок Татуіна. У першую чаргу ўказаны дроід павінен быў дапамагаць маці Эні. Таксама ён палягчаў зносіны з бінарнымі андроідам, якіх цераз краму Уотта праходзіла нямала.

Аднойчы, разбіраючы металалом ў майстэрні, Эні знайшоў серваматор, што падлягаў аднаўленню, і папрасіў дазволу ў гаспадара выкарыстоўваць запчастку для свайго асабістага андроіда. Уотта пагадзіўся вельмі неахвотна, і акрамя таго, загрузіў за гэта дадатковай працай на наступны дзень, але матор ўсё ж быў усталяваны.

Блізкімі сябрамі Скайуокера былі рабы Кіцтар, Банай і Вальд, а таксама пажылая жанчына Джыра. Да дзевяці гадоў Энакін паспеў сабраць уласны гоначны пад, паўдзельнічаць у некалькіх гонках, разбіць машыну і аднавіць яе.

Выяўленне

Ва ўзросце дзевяці гадоў Скайуокера выявіла група прыезджых, якія наведалі майстэрню ў пошуках гіперпрывада для іх зорнай яхты на замену пашкоджанаму - майстар-джэдай Квай-Гон Джын, каралева Падмэ Амідала, гунган Джа-Джа-Бінкс і дроід-астрамеханік R2-D2.

Разглядзеўшы ў Энакіне патэнцыял джэдая, Джын дапамог яму выйграць бліжэйшыя гонкі Бунта Іў Класік, у якіх стаўкай была ключавая запчастка Уотта супраць астатняга карабля Амідалы. У дадатак да ўгоды Квай-Гон пасля заезду абмяняў у старызніка пад на яго кіроўцу (то бок Скайуокера), такім чынам выкупіўшы хлопчыка з рабства.

Паколькі Шмі выслабаніць так і не ўдалося, Энакін сардэчна развітаўся з ёй, абяцаўшы пазней вярнуцца, а затым адбыў на адрамантаванай яхце з астатнімі.

Прыбыўшы на Карусант, Энакін паўстаў перад Вышэйшым Саветам джэдаяў. Супраць прыняцця падлетка ў Ордэн было шмат фактараў, у першую чаргу - яго ўзрост. Адзіным аргументам за з'яўлялася меркаванне аб тым, што знойдзены чалавечы юнак - той самы Абраны, пра які абвяшчала старажытнае Прароцтва. Адклаўшы прыняцце канчатковага рашэння, Савет накіраваў Обі-Вана і Квай-Гона назад на Набу, каб абараніць каралеву ад забрака Дарта Мола, тайнага забойцы лорда Сідыюса.

Неўзабаве пасля вяртання Амідалы на Набу там адбылася бітва паміж мясцовым насельніцтвам і андроідам Гандлёвай федэрацыі. Апынуўшыся ў кабіне зорнага знішчальніка N-1, Энакіну удалося яго запусціць. Збіўшы траіх драйдэк пры дапамозе бартавой зброі - пратонных тарпед, Скайуокер выпадкова ўключыў аўтапілот, які вывеў яго на арбіту, дзе ўжо на ўсю моц ішло змаганне за варожы флагман «Саак'ак». У той жа час каралеўская варта на чале асабіста з Падмэ білася за палац, а суправаджаючыя яе джэдаі ўступілі з перапыніўшым ім шлях Молам ў бой на светлавых мячах.

Пры дапамозе R2-D2, пакінутага ў тым жа знішчальніку, Эні ўдалося атрымаць доступ да ручнога кіравання, але тут іх падбіў непрыяцельскі «сцярвятнік», і знішчальнік ўляцеў у ангар згаданага разбуральніка, дзе размяшчаўся цэнтральны сервер кіравання андроідам. Скарыстаўшыся гэтак зручным выпадкам (які Квай-Гон лічыў провідам Сілы), Энакін тарпедаваў галоўны рэактар, выклікаўшы, у канчатковым выніку, разбурэнне ўсяго карабля, пры якім загінуў Долтэй Дофайн, як і астатні персанал, а наземныя сілы без штучнага інтэлекту апынуліся паралізаваныя і пацярпелі паразу.

Пасля вяртання Скайуокер прысутнічаў на пахаванні Джына, які загінуў у баі з Уладыкам Молам ў яго адсутнасць. Перад смерцю свайго настаўніка Обі-Ван даў таму клятву навучыць Эні джэдайскаму рамяству. Даведаўшыся пра апошнюю волі магістра Джына, гранд-майстар Ёда ўсё ж даў сваю згоду. Так Энакін Скайуокер стаў падаванам Обі-Вана Кенобі.

Падаван Кенобі

Здольнасці Скайуокера раслі разам з ім, сур'ёзна апярэджваючы вопыт, паколькі навучанне юнак пачаў з вялікім спазненнем. Такі дысбаланс зрабіў курсанта залішне напышлівым. Тым не менш, Энакін абажаў свайго майстра Кенобі, лічачы, што «няма нікога лепш».

Да чатырнаццаці гадоў падаван сабраў свой першы светлавы меч на планеце Ілум. Згодна са старадаўняй джэдайскай традыцыяй, пасля зборкі Кенобі афіцыйна паведаміў свайго вучня, што «ў гэтай зброі складзена яго жыццё».

Разам Скайуокер і Кенобі перажылі нямала прыгод. Так, аднойчы падаван выратаваў майстра пасля падзення ў гняздо гундаркаў на Ванкоры.

Праз тры гады пасля бітвы пры Набу, Скайуокер намерыўся зрабіць уражанне на сваіх аднагодкаў у Храме джэдаяў. Цягам трэніровак ён адолеў навучальнага андроіда, запраграмаванага пераймаць знешнасць і стыль раней зрынутага Мола. Бой глядзелі таксама Мейс Вінду, Кенобі і Вярхоўны Канцлер Шыў Палпацін. Усе з прысутных высока ацанілі вынікі.

Праз некаторы час, калі Скайуокер практыкаваўся ў вывучэнні навыку кантролю жывёл, Кенобі паведаміў, што Канцлер выклікае яго да сябе. Пара прыбыла да яго ў кабінет, дзе Палпацін папрасіў скласці яму кампанію ў адной справе, без Обі-Вана. Застаўшыся ўдваіх, Шыў і Энакін прайшлі ў клуб Казакар на ўзроўні 2685, дзе першы выклаў другому заклапочанасць сітуацыяй на ніжніх узроўнях горада, немагчымасцю джэдаяў дзейнічаць у дадзенай сітуацыі эфектыўна, а таксама Сенатам, канаючым у карупцыі, як той жа Каландрус, такім чынам тонка спрабуючы ўплываць на спадарожніка. Скончыўшы з даручэннем, палітык як бы знянацку спытаў джэдая, ці шчаслівы той, як гэтага хацеў. Энакін горда адказаў, што «навучацца на джэдая - гэта ўсё, што (яму было) трэба», але сітху ўсё ж удалося пасеяць у душы маладога чалавека зерне сумневу.

Пазней, у Храме, Энакін апавясціў Кенобі, што хоча пакінуць Ордэн, адчуваючы сябе ў ім чужым і жадаючы падумаць над іншымі перспектывамі свайго жыцця, паколькі ў дзевяць гадоў, магчыма, зрабіў няправільны выбар. Ён здаў меч майстру, і той яго прыняў, але ўсё ж прасіў яшчэ раз перагледзець такое рашэнне.

Карнеліон-IV

Перш чым вучань даў свой канчатковы адказ, па загадзе Ёды яны з настаўнікам адгукнуліся на загадкавы сігнал бедства з планеты Карнеліон-IV, якая лічылася неабжытай. Што цікава, прасілі дапамогі менавіта ў джэдаяў. Яны вылецелі па ўказаных каардынатах, але човен быў пашкоджаны пры ўваходзе ў атмасферу пралятаючымі абломкамі. Абодва джэдая катапультаваліся з церпячага бедства судна і прызямліліся крыху ніжэй мора Селадон. Неўзабаве пасля пасадкі іх жыццё апынулася пад пагрозай, паколькі ў небе працягвалася нейкая бітва, у сувязі з чым Кенобі вярнуў асабістую зброю Скайуокера. Калі адзін з баявых караблёў пачаў падаць, Энакін і Обі-Ван затрымалі крушэнне, чым выратавалі жыцці абодвух членаў экіпажа.

Двое тых, хто выжыў: Колар і Маці Пран, прадставіліся Адкрытымі і нічога не ведалі пра сутнасць джэдаяў. Яны спрабавалі сысці ад паветранага судна т. зв. Закрытых, якое таксама пацярпела крушэнне, але Скайуокер выратаваў пілота па імя Грэкер, не даўшы разбіцца ў падзенні да смерці. Раздзіраемыя векавой варожасцю сваіх фракцый, удзельнікі канфлікту паспрабавалі аднавіць бітву на зямлі, і джэдаям прыйшлося выступіць трэцім бокам, знішчыўшы зброю сваіх новых знаёмых і адканваяваўшы апошніх у бяспечнае месца. Для палягчэння падарожжа яны выкарыстоўвалі ацалелыя часткі згаданых караблёў, сабраўшы з двух адзін, на якім і накіраваліся да месца прызначэння.

Цягам пералёту Скайуокер распавёў аб іх з Кенобі мэтах візіту на планету: знайсці таго, хто паслаў сігнал бедства джэдаям. Пран і Грэкер высветлілі, што запыт зыходзіў з размяшчэння мясцовай смецяркі Серы. Колар распавядала Энакіну аб загадкавых паветраных змеях, і тут заўважыла, што суразмоўца нядрэнна разбіраецца ў рамонце - той якраз папраўляў свой меч. Заняўшы затым Скайуокера рамонтам кібермазгоў з сумкі, яны з Пран адкінулі меч у бок і выкралі маладога чалавека, скарыстаўшыся нападам зграі вудзільшчыкаў як адцягваючым увагу манеўрам. Карабель зноў пацярпеў крушэнне ўсё ў тых жа нізінах Селадона, а Кенобі застаўся з Грэкерам.

Закладніка забралі ў крэпасць Адкрытых, дзе той убачыў, што адрамантаваныя ім працэсары выкарыстоўваюцца для актывацыі баявых дроідаў, затым адправілі атрымануя войскі на барацьбу з той самай загадкавай смецяркай (якая нагадала як Адкрытым, так і Закрытым, як шмат яны страцілі і як дрэнна скончылі) . Застаўшыся з малодшымі Адкрытымі, Скайуокер здолеў іх пераканаць абараніць смецярку і дапамагчы вярнуцца да Кенобі.

З дапамогай сваіх новых таварышаў Эні адрамантаваў пакінутых дроідаў і адправіў далучыцца да бітвы паміж Адкрытымі і Закрытымі, што разгарнулася ля сцен крэпасці Серы. Ён выратаваў настаўніка ад Маці Пран, сустрэўся з Колар і Серай, але не спрабаваў перашкодзіць супрацьстаянню, а замест таго адрамантаваў перадатчык і выклікаў на падмогу рэспубліканскія сілы. Дастаткова хутка прыбыў спецназ і прымусіў удзельнікаў спыніць ваенныя дзеянні.

Пасля майстар Кенобі працягнуў вучню меч і спытаўся, ці па-ранейшаму Энакін хоча пакінуць Ордэн, на што той адказаў, што перадумаў і застаецца.

Замах на Амідалу

Праз дзесяць гадоў пасля бітвы за Набу наступіў Сепаратысцкі крызіс, што разрываў Рэспубліку на часткі. Пакуль Кенобі і Скайуокер лёталі на Ансіон ўладжваць памежны канфлікт, падчас тэракту на Карусанце загінула адна з двайнікоў Амідалы па імені Кордэ, пасля чаго Обі-Ван, як майстар-джэдай, і Энакін, як яго падаван, былі прыстаўлены да сенатару ў якасці дадатковай аховы. Паляўнічая за галовамі Зам Уэсел высачыла Падме і распачала другі замах на яе жыццё, запусціўшы праз акно яе апартаментаў на Рэспубліканскай-500 пару атрутных для людзей куханоў. Пільныя джэдаі паспяхова спынілі гэтую спробу і гналі Зам да ніжніх узроўняў, дзе выканаўцу ліквідаваў арганізатар замаху Джанга Фэт, раней чым тая паспела выдаць сваіх змоўшчыкаў.

Тым не менш, Фэт недаацаніў дэтэктыўныя здольнасці Кенобі. Наведаўшы кафэ свайго старога сябра Дэксцера Джецтэра, таксама размешчанае на адным з ніжніх узроўняў, Обі-Ван высвятліў, што адзіны доказ - атручаны дроцік, якім была забітая Уэсел, - мог быць выраблены толькі на выдаленай акіянічнай планеце Каміна, якая, акрамя ўсяго іншага, па незразумелай прычыне адсутнічала на зорных мапах архіва джэдаяў.

Набу

Уляцеўшы расследаваць інцыдэнт па вылічаным каардынатам, Кенобі пакінуў Падмэ пад наглядам Скайуокера. Гэта была яго першая самастойная місія. Разам яны без лішняй агалоскі пакінулі Карусант і вярнуліся на Набу, дзе сенатар прадставіла свайго спадарожніка дзеючай каралеве і яе свіце. Адзін з прыдворных, губернатар планеты Сіо Біббл, бачыў у Энакіне паўнавартаснага джэдая і паважаў яго меркаванне, але Падмэ лічыла новага целаахоўніка занадта юным, каб цалкам спадзявацца на падавана ў пытаннях асабістай бяспекі.

На савеце было прынята рашэнне размясціць Амідалу ў рэгіёне Набу, вядомым як Азёрны край, у якім ёй, як ураджэнцы планеты, было вядома нямала месцаў, дзе можна добра схавацца. За час знаходжання ў загараднай рэзідэнцыі Падмэ і Энакін паспелі дастаткова даведацца адзін аднаго і зблізіцца. Тым не менш, Падмэ была супраць развіцця іх адносін, роўна як падобнае забараняў Кодэкс джэдаяў.

Тым часам, Обі-Ван падчас расследаванняў высвятліў, што на Каміна набліжаецца да завяршэння камплектаванне вялізнай арміі клонаў, заснаванай неўзабаве пасля набуанскага крызісу і прызначанай для патрэб Рэспублікі.

Вяртанне на Татуін

Тым часам у Скайуокера, які, як і было загадана, заставаўся на Набу і прыглядаў за Падмэ, да няўдалага працягу рамана з ёй дадаўся іншы канфлікт інтарэсаў: хлопца пастаянна мучылі прывіды пра маці. Джэдай быў упэўнены, што Шмі ў небяспецы, але не мог кінуць пост. У канчатковым рахунку Энакіну ўдалося ўгаварыць Падмэ ляцець з ім на Татуін, каб паведаць блізкіх і пераканацца, што з імі ўсё ў парадку.

Па прыбыцці пара перш за ўсё адшукала Уотта, але Шмі ўжо не працавала ў яго краме. Гандляр прадаў сваю былую рабыню фермеру-вільгаздабытчыку па імені Кліг Ларс, які пасля ажаніўся на ёй. Начныя кашмары Энакіна апынуліся прарочымі, але на дапамогу родным ён спазніўся: таскенскія разбойнікі каля месяца таму атакавалі ферму Ларсаў і выкралі Шмі, якая, як баяўся Кліг, хутчэй за ўсё ўжо была мёртвая. Але нюх падказваў Энакіну адваротнае, і ён, вырашыўшы, што можа яшчэ паспець выратаваць маці, запазычыў на ферме гравіцыкл свайго зводнага брата Оўэна Ларса і адправіўся на пошукі, даверыўшыся знакам Сілы, атрыманым у Ордэне навыкам следапыта, а таксама веданню мясцовасці, дзе нарадзіўся і вырас.

Бліжэй да вечара Эні, нарэшце, выявіў стаянку качэўнікаў. Дачакаўшыся цемры, хлопец патаемна трапіў у лагер і знайшоў патрэбную юрту, дзе Скайуокер-старэйшую трымалі ў закладніцах. На жаль, знясільваючыя ўмовы ўтрымання зрабілі сваю чорную справу: не вытрымаўшы іх, пажылая жанчына памерла ў сына на руках. Усвядоміўшы страту і ашалеўшы ад гневу, Энакін раскрыў сябе і пачаў знішчаць таскенаў аднаго за адным. Эфект раптоўнасці і навыкі джэдая, абвостраныя стрэсам, дапамаглі з лёгкасцю выразаць ўсё паселішча ў адзіночку.

Пад раніцу смуткуючы Скайуокер вярнуўся з целам маці на хутар Ларсаў, дзе разам з Падмэ і роднымі праводзіў яе ў апошні шлях, пахаваўшы ў ваколіцах. Пасля развітання са Шмі адбылася яго размова з Амідалай, падчас якой Энакін даў клятву, што нікому з сваіх блізкіх з гэтага часу не дазволіць памерці марнай смерцю. Прыгнечаны болем і пачуццём віны на нявыкананае абяцанне дзяцінства, ён так і не здолеў, як джэдай, зрабіць над сабой высілак і адпусціць каханага чалавека са згодаю.

Джэанозіс

Обі-Ван Кенобі, які не ведаў пра незапланаваны пералёт Падмэ і Энакіна, адправіў ім галаграфічнае паведамленне з планеты Джэанозіс, да якой здолеў адсачыць Джанга Фэта, які раней ўцёк ад яго з Каміна. Ён паспеў правесці выведку, і, акрамя персоны, падазраванай у замаху на Амідалу, па месцы прыбыцця выявіў графа Дуку (былога джэдая, а цяпер - лорда сітхаў) і некалькіх лідэраў Альянсу сепаратыстаў, разгарнуўшых на планеце вялікую ваенную вытворчасць. Адразу пасля справаздачы аб выніках расследавання паведамленне перарывалася, а аўтар, як мяркуецца, апынуўся захоплены ў палон патэнцыйным праціўнікам. Паўторна парушыўшы забарону трымацца далей ад непрыемнасцяў, Энакін і Падмэ адправіліся ратаваць майстра-джэдая.

Як і мінулая спроба Кенобі, вылазка прайшла няўдала - Скайуокера і Амідалу раскрылі джэаназійцы, а іх кампаньёны - дроіды R2-D2 і C-3PO - выпадкова трапілі ў канвеер адной з мясцовых фабрык і часова згубіліся ў прамзоне. Джэдай адчайна супраціўляўся, спрабуючы вырвацца з цэха, дзе іх выявілі, а таксама выцягнуць сваю пратэжэ. Да яго няўдачы, меч трапіў пад штамповачны прэс і выйшаў з ладу, у выніку варожыя сілы лёгка паланілі няпрошаных гасцей, якіх змясцілі пад арышт, дзе ўжо ўтрымлівалі Кенобі.

Крыху пасля савет сепаратыстаў прыняў рашэнне зладзіць паказальнае пакаранне усіх злоўленых выведнікаў, нягледзячы на пратэст сенатара Амідалы, якая мела дыпламатычны імунітэт. Прывесці прысуд у выкананне было вырашана на арэне Петранакі ў рамках рэгулярна праводзіўшыхся там гладыятарскіх баёў. Знаходзячыся ў смяротнай небяспецы, Энакін і Падмэ пакляліся звязаць свае лёсы, калі ўсё ж выберуцца з Джэанозіса жывымі, ўпотай ад Ордэна, Сената і Каралеўскага дома Набу.

Прывязаўшы ахвяр на слупах ў цэнтры поля, на арэну выпусцілі небяспечных жывёлін, такіх як Аклан. Да сваёй удачы, Падмэ атрымалася пранесці на арэну адмычку, пры дапамозе якой яна змагла вызваліцца ад кайданкоў. Неўзабаве з яе ўзялі прыклад і двое джэдаяў, разарваўшы кайданы пры дапамозе сваіх хітрых прыёмаў падчас бойкі з жывёламі. Скайуокеру, дзякуючы методыкам кантролю жывёл, удалося ўціхамірыць і асядлаць аднаго з іх - мясцовага Рыка, якога ён нацкаваў на іншых звяроў, Нексу, якія аблажылі ўвесь гэты час Падме, тым самым забіўшы яго. Затым Скайуокер падабраў яе і свайго настаўніка. Прадстаўнік Альянсу на планеце Нут Ганрэй пачаў наракаць, што бой зацягваецца, і Дуку даў дазвол выпусціць на арэну падмацаванне драйдэк, каб расстраляць прысуджаных.

У гэты момант прыбыў атрад джэдаяў, узначалены Мэйсам Вінду. Яны атакавалі сепаратыстаў, а таксама вызвалілі і ўзброілі траіх згаданых палонных, даўшы ім магчымасць прыняць паўнавартасны ўдзел у бітве, у якой, у ліку іншых, загінулі Джанга Фэт і сябра Савета джэдаяў Коўман Трэбар. Разам з падмацаваннямі на арэну прабраліся і раней страціўшыяся дроіды Скайуокера.

Так ці інакш, сілы былі няроўныя, але зыход бою пераламалі прыбыўшыя з Каміна сілы арміі клонаў, узначаленыя асабіста Ёдай. Пазней гэтае войска стала вядома як Вялікая армія Рэспублікі. Высадка дэсанту пад прыкрыццём авіяцыі што расчысціла пасадачную зону дазволіла узброеным транспартным зоркалётам СНДК /п знізіцца і забраць ацалелых у бітве джэдаяў і сенатара, але R2 і 3РО былі кінутыя на арэне.

Атрымаўшая развіццё вялікая бітва ўвойдзе ў гісторыю як першая бітва на Джэанозісе, ці проста бітва за Джэанозіс. Вялікай арміі Рэспублікі (ВАР) супрацьстаяла сепаратысцкая армія дроідаў. Цягам паветраных баёў Падмэ разам з адным з салдатаў-клонаў вывалілася з транспарту, але досыць мякка прызямлілася на пясок і не пацярпела. Пешшу яны адправіліся да бліжэйшага каманднага пункта, а Энакін і Обі-Ван прынялі рашэнне пераследваць Дуку, каб прадухіліць аб'яднанне спачуваючых яму сепаратыстаў з іншых зорных сістэм. Да няшчасця для джэдаяў (магчыма, што і провідам Цёмнага боку) у баявым караблі скончыліся ракетныя снарады, таму немагчыма было збіць гравіцыкл, на якім уцякач накіроўваўся да свайго міжзоркавага транспарту. У выніку прыйшлося пераследваць графа да ангара ў адной з бліжэйшых пячор і ўступіць з ім у блізкі бой.

Неспрактыкаваны Энакін быў занадта неразважліў у атацы, і Дуку лёгка яго перамог, адсекшы правую руку. Затым дуэль працягнулася ўжо з Обі-Ванам, але і ён не змог скласці годную канкурэнцыю сітху, які раней быў адным з лепшых фехтавальшчыкаў Ордэна джэдаяў. Калі абодва апанента Дуку апынуліся сур'ёзна параненыя і не маглі працягваць бой, падаспеў Ёда, які некалі быў настаўнікам графа. Пасля непрацяглай гутаркі адбыўся і трэці паядынак, з якога цёмны ўладыка ўжо вырашыў збегчы, выкарыстаўшы цяжкі прадмет у якасці адцягваючага манеўру, а затым эвакуіраваўся на асабістым сонечным парусніку. Далей Дуку ўсё ж сабраў сваю фракцыю, якая стала вядомая як Канфедэрацыя незалежных сістэм.

Рэабілітацыя

Раненні Кенобі хутка зажылі, а Скайуокер замяніў страчанае перадплечча пратэзам. На сваю новую механічную руку ён з тых часоў заўсёды насіў пальчатку. Неўзабаве пасля пачатку Войнаў клонаў, якія адзначыліся мінулай бітвай, Скайуокер і Амідала таемна пажаніліся на яе радзіме - Набу, узяўшы ў сведкі толькі R2-D2 і C-3PO, якім-такі атрымалася перажыць джэаназійскую бітву і пакінуць планету.

Войны клонаў

Раздзел у стадыі напісання

Узнікненне і праўленне Галактычнай Імперыі

Загад 66

Дуэль на Мустафары

Паўстанне на Рылоце

Кампанія Тэлера

Латал

Дарт Вейдэр па галаграфічнай сувязі звязаўся з Гранд-інквізітарам, каб адправіць на выкананне адказнай місіі. Вейдэр паведаміў яму, што Імператар прадбачыў новую пагрозу, якая паходзяць ад «дзяцей Сілы». Той павінен быў высачыць іх і завербаваць на службу Імперыі, альбо папросту ліквідаваць. Інквізітар паабяцаў Вейдэру, што гэтая місія будзе выкананая паспяхова. Пасля смерці інквізітара на Мустафары было выяўлена, што некалькі паўстанцкіх вочак аб'ядналіся пад час ратавання паўстанцаў Латала ад Імператарскага флоту. Як толькі аб тым, што адбылося на Мустафары стала вядома, на некалькіх планетах, у тым ліку на Латале пачаліся бунты і беспарадкі. Імператар быў занепакоены ростам актыўнасці паўстанцаў і адправіў Вейдэра разам з Таркінам на Латал, каб здушыць зараджаўшаеся паўстанне.

У спробе выявіць крыніцу паўстанцкай пагрозы, Вейдэр арганізаваў складаную пастку, з дапамогай якой меў намер раскрыць месцазнаходжанне асноўнай базы аперацый паўстанцаў Латала. Пасля прыбыцця на Латал Вейдэр сустрэўся з агентам Калусам і міністрам Макет Туа, каб абмеркаваць свае планы барацьбы з паўстанцамі Латала. Вейдэр загадаў Калусу суправаджаць Туа да яе шатла, дзе яна была наўмысна забітая, а дроід агента запісаў выбух шатла. Адразу ж пасля гэтага інцыдэнту, Вейдэр абвінаваціў у яе смерці паўстанцаў, каб дыскрэдытаваць іх. Вейдэр загадаў Калусу блакаваць касмадром планеты і публічна абвясціць аб тым, што любое судна, якое паспрабуе дасягнуць арбіты будзе знішчана. Вейдэр ведаў, што блакада, у спалучэнні з недаверам насельніцтва да паўстанцаў з вялікай доляй верагоднасці вымусіць апошніх скрасці карабель, каб пакінуць планету. Як прынаду ён пакінуў шатл, абсталяваны гіпердрайвам, які знаходзіўся ў мясцовым Імперскім гарнізоне. Калі паўстанцы паспрабавалі скрасці яго, Вейдэр паўстаў перад імі з невялікай групай штурмавікоў. У той час як яго салдаты заняліся паўстанцамі ня-джэдаямі, Вейдер біўся з іх лідэрам, Кэнанам Джарусам, і яго вучнем Эзрай Брыджэрам. Паколькі ўцёкі паўстанцаў уваходзілі ў яго намеры, Вейдэр проста забаўляўся з двума джэдаямі, а іх паплечнікі ў гэты час спрабавалі запусціць шатл. Ён уступіў з імі ў кароткі бой на светлавых мячах, з лёгкасцю адбіваючы трохі нязграбныя атакі Кэнана. Затым Вейдэр злавіў яго запясце, калі той паспрабаваў нанесці ўдар, і адкінуў джэдая у штабель скрынь, што прызначаліся для забеспячэння, тым самым аглушыўшы яго. Затым ён выкарыстаў Сілу, каб прымусіць Эзру практычна перарэзаць сабе горла сваім светлавым мячом, аднак Кэнан своечасова прыйшоў у сябе, каб адцягнуць Вейдэра. У гэты час іншыя паўстанцы абменьваліся бластарным агнём са штурмавікамі. Неўзабаве пасля гэтага, супрацьстаянне падышло да канца, калі двое паўстанцаў падарвалі тэрмадэтанатарамі шагаходы на пасадачнай пляцоўцы, змяшаўшы шэрагі штурмавікоў. Калі Вейдэр згубіў увагу з-за выбуха, Эзра і Кэнан аб'ядналі свае намаганні і з дапамогай тэлекінеза адштурхнуўшы яго на шлях падзення баявых машын. Лічачы яго мёртвым, двое паўстанцаў былі проста здзіўлены, убачыўшы Вейдэра цалкам непашкоджаным; ён выкарыстаў Сілу, каб падняць абодва шагохода і адкінуць іх. Прызнаючы, што ім не справіцца з цёмным уладаром, Кэнан загадаў Эзры бегчы з ім да скрадзенага шатла. У надзеі спыніць Вейдэра, Сабін Врэн двойчы стрэліла ў яго з бластера, аднак ён адбіў прамяні лазера ў плячо і шлем дзяўчыны, пры гэтым не робячы спробы ні трапіць на борт шатла, ні спыніць яго. Шатлу атрымалася ўзляцець, а Вейдэр моўчкі назіраў за гэтым з пасадкавай пляцоўкі. Адзін са штурмавікоў запэўніў Вейдэра, што яны неадкладна перахопяць скрадзены шатл, але Вейдэр адказаў яму, што ў гэтым няма неабходнасці. Пазней Вейдэр загадаў Калусу знішчыць Таркінтаўн для таго, каб выдурыць паўстанцаў або дэмаралізаваць іх.

Неўзабаве пасля гэтага паўстанцы выкарысталі скрадзены транспарт, каб пакінуць планету і сустрэцца з флотам паўстанцаў. Аднак, Вейдэр высачыў іх і, за лічаныя хвіліны пасля таго, як паўстанцы высадзіліся з шатла, Вейдэр на сваім знішчальніку ТIE Удасканалены x1 выйшаў з гіперпрастору і атакаваў флот паўстанцаў. Паўстанцы выпусцілі супраць яго перахопнікі RZ-1 «A-wing» эскадрыллі «Фенікс», але Вейдэр, будучы лепшым пілотам, у лічаныя хвіліны нанёс ім істотныя страты. Пераадолеўшы заслон знішчальнікаў, Вейдэр напаў на камандны карабель паўстанцаў «Дом Фенікса», вывеўшы яго з ладу ў кароткія тэрміны. Паўстанцы Латалу хутка падняліся на борт свайго карабля, «Прывід», і ўступілі ў сутычку з Цёмным уладаром. Аднак, ні «Прывід», ні рэшткі эскадрыллі «Фенікс» не змаглі нанесці ўрон караблю Вейдэра, і ён працягваў абстрэльваць пакалечаны «Дом Фенікса», ненадоўга адцягваючыся на атакі паўстанцкіх знішчальнікаў. Калі рухавікі і шчыты каманднага карабля былі выведзены са строю, пачалася эвакуацыя. Але Вейдэр ўжо быў гатовы для апошняй атакі на «Дом Фенікса», і неўзабаве стала ясна, што экіпаж не паспее сысці да таго, як карабель будзе разбураны. На борце «Прывідуі», былы вучань Вейдэра, Асока Тано, вырашыла аб'яднаць свае сілы з Кэнанам і прамацаць розум пілота TIE-знішчальніка з дапамогай Сілы. Воляй лёсу, Вейдэр і Асока раптам ўсвядомілі прысутнасць адзін аднаго, Асока ад тэлепатычнага ўдару на час страціла прытомнасць. Даведаўшыся пра прысутнасць Асокі на борце карабля паўстанцаў, Вейдэр перадумаў знішчаць «Дом Фенікса» і пачаў пераслед лёгкага грузавога карабля VCX-100. Гэта дазволіла экіпажу «Дома Фенікса» эвакуявацца і пакінуць сістэму з растрапанымі рэшткамі флоту паўстанцаў. Між тым, адмірал Касіус Канстанцін увайшоў у сістэму з трыма зорным разбуральнікамі і чакаў каманды Вейдэра. Вейдэр загадаў Канстанціну затрымаць «Прывід», але не страляць у яго, так як хацеў захапіць паўстанцаў на яго борце жывымі. Вейдэр працягваў пераследаваць іх пакуль яны не скокнулі ў гіперпрастору ў той момант як разбуральнік актываваў прамень захопу, злавіўшы замест паўстанцаў у пастку самага Вейдэра.

Пасля завяршэння сутычкі, Вейдэр пасадзіў свой знішчальнік на палубу разбуральніка Канстанціна і звязаўся з Імператарам. Ён паведаміў Сідыюсу, што разбіў паўстанцаў, але настаўнік-сітх адчуў непакой у голасе свайго вучня. Вейдэр адкрыў Сідыюсу свае падазрэнні, што Тано дагэтуль жывая і знаходзіцца ў шэрагах паўстанцаў. Задаволены гэтай навіной, Сідыюс абвясціў, што Тано можа прывесці іх да іншых джэдаяў, якія маглі выжыць пасля Загаду 66. Вейдэр адразу выказаў здагадку, што Кенобі можа апынуцца сярод іх. Імператар пагадзіўся, што гэта магчыма, калі той яшчэ жывы. Сідыюс заклікаў Вейдэра быць цярплівым, і загадаў яму паслаць яшчэ аднаго інквізітара паляваць за паўстанцамі. Па загаду свайго гаспадара, Вейдэр адправіў на гэтую місію Пятага брата. Пасля некалькіх няўдалых спробаў захапіць джэдаяў-паўстанцаў, Пяты брат і Сёмая сястра прасачылі Джаруса, Брыджэра і Тано да падземнага Храма джэдаяў на Латале. Хоць паўстанцам удалося ўцячы, інквізітары праінфармавалі Вейдэра аб іх выяўленні. Вейдэр асабіста выйшаў агледзець святое месца, паведаміўшы інквізітарам, што Імператар будзе вельмі рады іх адкрыццю. Інквізітары папярэдзілі Вейдэра, што джэдаі становяцца ўсё мацней, аднак той адказаў, што гэта толькі загубіць іх.

Дуэль на Малакоры

Пасля гэтага, Вейдэр адправіў Пятага брата, Сёмую сястру, а таксама Восьмага брата, каб высачыць Дарта Мола, які апынуўся ў цяжкай сітуацыі на Малакоры і цягам шматлікіх гадоў даследваў храм сітхаў. Сам ён прыбыў пасля таго, як Брыджэр актываваў суперзброю з дапамогай галакрона сітхаў, а інквізітары былі забітыя. З даху свайго TIE-знішчальніка ён здзейсніў скачок і прызямліўся перад Брыджэрам. Пасля кароткай славеснай сваркі, Вейдэр хутка абяззброіў маладога джэдая, знішчыўшы яго меч і быў гатовы забіць хлопчыка, але яму перашкодзіла Тано.

Вейдэр прапанаваў сваёй былой вучаніцы памілаванне, заявіўшы, што імператар акажа ёй ласку, калі яна адкрые месцазнаходжанне выжылых джэдаяў. Асока запэўніла Вейдэра, што больш не з'яўляецца джэдаем і што ён са сваімі інквізітарамі забіў усіх астатніх. Застаючыся пры сваім меркаванні, Вейдэр заўважыў, што Брыджэр, магчыма, будзе больш шчыры, чым выклікаў у Асокі прыступ агіды. Яна сказала, што нягледзячы на ​​думку, што Вейдэр з'яўляецца Энакінам, гэтага не можа быць з-за жорсткасці Вейдэра. Вейдэр растлумачыў, што Энакін Скайуокер быў слабы, і ён знішчыў яго. Тано адказала, што калі гэта так, яна будзе помсціць за свайго настаўніка. Вейдэр нагадаў ёй, што помста - гэта не шлях джэдая, на што Тано заўважыла, што не з'яўляецца джэдаям і напала на яго. Хоць Тано была ў стане пастаяць за сябе супраць Вейдэра, яна была вымушана адступаць праз храм, і пасля кароткай, але інтэнсіўнай сутычкі, Вейдэр выкарыстаў Сілу, каб сапхнуць яе з ўступа. Мяркуючы, што былая вучаніца нейтралізаваная, Вейдэр адправіўся за галакронам.

Вейдэр здолеў дагнаць Джаруса і Брыджэра, перш чым яны змаглі ўзысці на борт свайго карабля, і выкарыстаў Сілу, каб пачаць прыцягваць галакрон і абодвух джэдаяў да сябе. Але перш чым ён паспеў захапіць галакрон, Тано, якая акрыяла ад сваёй паразы хвілінай раней, атакавала Вейдэра і здолела зрэзаць верхнюю правую частку яго маскі з дапамогай сваіх белых светлавых мячоў. У сувязі з тым, што маска была пашкоджана, галасавой модулятор Вейдера пачаў даваць збоі, і, калі ён зноў загаварыў, назваўшы імя Тано, разам з механічным барытонам стаў чутны і яго сапраўдны голас. Гэта пацвердзіла Тано, што Вейдэр сапраўды раней быў яе настаўнікам. Калі храм стаў разбурацца, Тано сказала, што не кіне яго, як раней. Вейдэр застыў на некалькі імгненняў і моўчкі глядзеў на яе. Зрэшты, ён хутка аднавіў самавалоданне і адказаў, што калі яна вырашыла застацца, дык памрэ. Двое зноў ўступілі ў бой, а Джарус і Брыджэр пакінулі залу, у якой змагаліся Вейдэр і Тано, да таго як дзверы апусціліся. Як толькі яны гэта зрабілі, масіраваны выкід энергіі разбурыў храм. Хоць лёс Тано застаецца невядомым, Вейдэр здолеў выратавацца і пакінуць храм.

Галактычная грамадзянская вайна

Скрадзеныя планы

Яшчэ да пачатку Войнаў клонаў сітхі і Канфедэрацыя незалежных сістэм пачалі распрацоўку суперзброі, якая пазней была названа «Зоркай Смерці». Гэта зброя ўяўляла сабой мабільную касмічную баявую станцыю, здольную знішчаць планеты і была падобна на магутную суперзброю, створаную падчас старажытных войнаў паміж сітхамі і Ордэнам джэдаяў.

Будаўніцтва зброі, заснаванай на чарцяжах сепаратыстаў, скончылася пры рэжыме Галактычнай Імперыі, што змяніў Галактычную Рэспубліку пасля Войнаў клонаў. Зброя была завершана праз гады пасля абвяшчэння Імперыі і стала цалкам функцыяніраваць ў перыяд Галактычнай грамадзянскай вайны паміж Імперыяй і Альянсам за аднаўленне Рэспублікі, каля 0 ДБЯ.

Аднак навуковец Гален Эрсо, што працаваў над праектам, зразумеўшы, што стварае зброю, адваротную ўсім законах і звычаям вайны, перадаў новаўтворанаму Альянсу разам з пілотам-дэзерцірам голапаведамленне пра гэта. Пілот дабраўся да планеты Джэда і перадаў паведамленне камандзіру мясцовай паўстанцкай групы Са Герэру, аднак той, баючыся чужынцаў, распарадзіўся пасадзіць яго ў камеру.

Лідэр Альянсу Мон Мотма, якая ведала пра недавер Герэра да незнаёмцаў, адправіла на перамовы з ім Джын Эрсо - дачку Галена, якая служыла пад кіраўніцтвам Герэра на працягу шэрагу гадоў. Яна сустрэлася з Герэрай і паслухала паведамленне. У ім, у прыватнасці, гаварылася, што «Зорка Смерці» запраектавана шкодніцкі: шырокая цеплаадводныя труба вяла прама ў рэактар ​​станцыі, і пратоная тарпеда, што патрапіла б у яе, немінуча выкліча яе выбух. У гэты момант «Зорка Смерці» вырабіла пробны стрэл па планеце. Энергія стрэлу складала ўсяго адну тысячную ад поўнай, але, тым не менш, горад Джэда-сіці быў разбураны цалкам. Са Герэра загінуў пад абломкамі, аднак Джын ўдалося збегчы.

Даведаўшыся пра знішчэнне Джэда-Сіці, Вейдэр, які знаходзіўся ў той час у сваёй рэзідэнцыі на Мустафары, выклікаў да сябе кіраўніка праекта Орсана Крэніка. Цёмны ўладыка сітхаў запатрабаваў тлумачэнняў: як магло адбыцца знішчэнне цэлага горада на Джэдзе і напад Паўстанцаў на важны імпэрскі аб'ект. Орсан абвінаваціў ва ўсім Таркіна, але Вейдэр быў непахісны. Разбурэнне Джэда-Сіці, сказаў ён, будзе растлумачана тэхнагеннай катастрофай на капальнях. Аднак для дакладу Імператару ён запатрабаваў высветліць, ці не заклаў Гален Эрсо ў свой праект патэнцыйную ўразлівасць. Крэнік зразумеў яго словы такім чынам, што ён усё яшчэ застаецца на сваёй пасадзе, і перапытаў сітхаў пра гэта. Той са словамі: «глядзіце, не задыхніцеся ад сваіх амбіцый, дырэктар» прыдушыў яго, але затым адпусціў.

Джын Эрсо між тым на чале атрада паўстанцаў высадзілася на Скарыфе, дзе ў Імперскім абаронным комплексе захоўваліся планы «Зоркі Смерці». Даведаўшыся пра напад на стратэгічна важны аб'ект, Вейдэр паспяшаўся туды на зорным разбуральніку Спусташальнік, але прыбыў занадта позна: чарцяжы ўжо былі перададзеныя на паўстанцкі крэйсер «Глыбіня», якім камандаваў адмірал Радус. Вейдэр загадаў высадзіць на крэйсер абардажную каманду і асабіста ўзначаліў яе, але касета з дадзенымі ў апошні момант была перададзена на карвет «Тантыў IV» у рукі Леі Арганы, сенатара Імперыі і аднаго з лідэраў Альянсу паўстанцаў.

Вейдэру атрымалася нагнаць «Тантыў IV» ў сістэме Татуін і атакаваць яго. Разумеючы, што карвет супраць зорнага разбуральніка доўга не пратрымаецца, Лея перапісала чарцяжы ў памяць андроіда R2-D2 і разам з іншым андроідам, C-3PO, адправіла яго на планету ў выратавальнай капсуле. Там яны ў канчатковым выніку патрапілі ў рукі Люка Скайуокера і майстра-джэдая Обі-Вана Кенобі. Прачытаўшы голапаведамленне Леі, яны пакінуў Татуін і адправіліся на Альдераан на караблі «Тысячагадовы сокал» разам з Ханам Сола і Чубакай, маючы намер перадаць дроідаў Бейлу Аргану - прыёмнаму бацьку Леі. Вейдэр паслаў на Татуін каманду штурмавікоў і падвергнуў Лею катаванням, аднак яму не атрымалася ні вярнуць чарцяжы, ні прымусіць Лею казаць.

Сіла

Дарт Вейдэр — гэта вельмі дужы адэпт на цёмным баку Сілы. Ягоным упадабаным метадам забойства з'яўляецца ўдушэнне сваёй ахвяры. Дарт Вейдэр вельмі добра валодае тэлекінезам і здольны рухаць аб'екты, якія знаходзяцца на адлегласці.

Зброя

У новай трылогіі Энакін Скайуокер валодае сінім светлавым мячом, але страчвае яго ў выніку бойкі з Обі-Ванам Кенобі ў трэцім эпізодзе. Пасля Дарт Вейдэр мае ўжо класічны для ўсіх сітхаў чырвоны светлавы меч.