FANDOM


R2-D2 — вынаходлівы астрадроід сусвету Зорных войнаў. Кваліфікаваны механік зоркалёта і памагаты пілота знішчальніка. Унутры сябе дроід мае вялікую колькасць самых разнастайных прылад: ад механічных дзяржальняў да камп'ютарных інтэрфейсаў і зварачных гарэлак. У другім эпізодзе R2-D2 здзіўляе ўсіх яшчэ і сваёй здольнасцю пералятаць на невялікія адлегласці дзякуючы рэактыўным рухавічкам у сваіх нагах[1]. У арыгінальнай трылогіі было створана 9 мадэляў R2-D2. Сем для пустыні, адна для Кені Бэйкера і адна была здольна варушыць трыма канечнасцямі. На працягу здымкаў арыгінальнай трылогіі мадэлі, што працавалі ў пустыні, хутка ламаліся, бо іх рухавік забіваўся жвірам. Каб пазбегнуць гэткіх праблем у новым фільме, Лукас даручыў дзвюм кампаніям — «Industrial Light & Magic» і брытанскаму аддзелу сваёй працоўнай групы па спецэфектах — стварыць новую версію R2-D2. У новай трылогіі ў дадатак выкарыстоўваўся ў некаторых момантах лічбавы дублёр.

У новай трылогіі R2-D2 ўпершыню сустракаецца ў першым эпізодзе на караблі каралевы Падмэ Амідалы. Дроід здолеў адрамантаваць карабель пад час яго палёту на Карусант, такім чынам выратаваўшы сваю гаспадыню і ўсю місію Ордэна джэдаяў. Пазней R2-D2 разам з каралевай і Квай-Гон Джынам на Татуіне сустракае свайго будучага сябра — пратакольнага дроіда C-3PO. На працягу ўсіх 6 эпізодаў гэтай пацешная пара дроідаў будзе разам дапамагаць героям фільму і не даваць сумаваць глядачам. У час войнаў клёнаў R2-D2 выконваў шмат самых разнастайных місій, у гэты перыяд ён належаў Энакіну Скайуокеру.

У арыгінальнай трылогіі R2-D2 належыць спачатку Леі. Ён захоўвае ў сваёй памяці планы супермоцнай зброі Імперыі — Зоркі смерці. У канцы IV эпізоду R2-D2, ахвяруючы часткай сваіх дэталяў, выратоўвае знішчальнік Лука Скайуокера, калі той атакуе Зорку смерці. У VI эпізодзе маленькі дроід прымае ўдзел у ратаванні Хана Сола з планеты Татуін, з лапаў Джабы Хата.

Мова R2-D2

Мова R2-D2 у чалавечым разуменні ўяўляе какафонію гудкоў і свісткоў. R2-D2 разумее шмат мільёнаў дыялектаў і розных машынных кодаў. Але каб перакласці тое, што сказаў R2-D2 чалавеку, патрэбны пратакольны дроід кшталту C-3PO. R2-D2 даволі тэмпераментны дроід, таму яго настрой лёгка зразумець па вымове яго гукаў.

Цікавыя факты

  • У 1980-х гадах у ЗША быў распрацаваны зенітна-артылерыйскі комплекс Mark 15 Phalanx, які з-за вонкавага падабенства на флоце сталі жартам называць R2-D2.

Гл. таксама

  1. R2-D2 ў афіцыйнай энцыклапедыі StarWars.com